ГЕАФІЗІ́ЧНЫЯ АНАМА́ЛІІ,
адхіленне значэнняў фіз. палёў (гравітацыйнага, магнітнага, геатэрмічнага, электрамагнітнага) ад нармальнага поля Зямлі. Абумоўлены рознымі фіз. ўласцівасцямі горных парод, неаднароднасцю саставу і будовы зямной кары і мантыі. Адрозніваюць анамальнае значэнне (лічба, якая характарызуе велічыню анамаліі ў пэўным пункце назірання, напр., анамаліі Бучэ, Фая і інш.) і анамальнае поле (участак, на якім назіраюцца адхіленні; бываюць мазаічныя, лінейныя, паласавыя і інш.). Паводле памераў і глыбіні геафізічныя анамаліі падзяляюцца на лакальныя і рэгіянальныя. Па геафізічных анамаліях вывучаюць унутр. будову Зямлі і зямной кары, вырашаюць гідрагеал. і інж.-геал. задачы, вядуць пошук і разведку радовішчаў карысных выкапняў.
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)